На “Беларусь 1” выйшаў сюжэт у адказ на крытыку праекту рэканструкцыі гета. Улады запэўніваюць, што створаць на месцы гета музей гісторыі Халакоста. Тым не менш, мясцовыя чыноўнікі арганізавалі наглядальны савет. Раней замежныя яўрэйскія арганізацыі выказалі занепакоенасць з-за продажу ўчастка былога гета ў Навагрудку Андрэю Запольскаму, уладальніку інтэрактыўнага парка «Вялікае княства Сула», які вырашыў пабудаваць там “імерсіўны” праект.

У наглядальны савет увойдуць прадстаўнікі яўрэйскай грамадскасці, рабіны, гісторыкі, культуролагі, а таксама сваякі выхадцаў з яўрэйскага гета.

Чаго баяцца крытыкі?

Праект занепакоіў яўрэйскія арганізацыі і нашчадкаў, якія ўдзельнічаюць у праекце стварэння мемарыяльнага комплексу на гэтым месцы. Іх непакоіла, што ўчастак былога Навагрудскага гета з аўкцыёну набыў прыватны прадпрымальнік – бізнесмен Андрэй Запольскі. Прадстаўнікі яўрэйскіх арганізацый заявілі, што продаж фактычна паставіў пад пытанне рэалізацыю раней узгодненага мемарыяльнага праекта.

Занепакоена і Тамара Вяршыцкая – спецыяліст па яўрэйскай спадчыне і сузаснавальнік першага музея, адкрытага ў 2007 годзе ў Навагрудку. Нашчадкі тых, хто выжыў, і прадстаўнікі яўрэйскіх арганізацый выказалі занепакоенасць тым, што тэрыторыя, звязаная з масавымі забойствамі і ўцёкамі з гета, магла быць прададзена без кансультацый з удзельнікамі мемарыяльнай ініцыятывы.

Запольскі разам з партнёрамі думаў стварыць на тэрыторыі былога гета імерсіўны гісторыка-турыстычны праект з элементамі рэканструкцыі.

«Пра які парк можа ісці гаворка, калі мы гаворым пра трагедыю, пра Халакост. У гэтым музеі будзе сабрана ўся гісторыя: гісторыя ўдзельнікаў пабегу з Навагрудка, герояў супраціву, партызанскі рух», – адрэагаваў на крытыку Яўгеній Мельцэр, бізнес-партнёр Запольскага.

На рэспубліканскім узроўні каардынаваць праект стварэння мемарыяльнага комплексу ў Навагрудку будзе дэпутат Ігар Марзалюк.

Як улады і бізнэсмэны адрэагавалі на крытыку?

Аўкцыён і продаж участку

Першапачаткова планавалася, што займацца распрацоўкай канцэпцыі будучага мемарыяльнага комплексу будзе Артур Ліўшыц – старшыня іудзейскага рэлігійнага аб’яднання краіны.

У каментары “Беларусь 1” Ліўшыц адзначае, што пагадненне ўжо было падпісана, як і быў праведзены міжнародны сімпозіум. “Потым неяк з боку Навагрудскага выканкама супрацоўніцтва пачало ставіцца на паўзу. А пра аўкцыён (на якім і прадалі ўчастак – Hrodna.life) мы нават не ведалі”, – кажа Ліўшыц.

На гэта старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі адказвае, што “зыходзіў чыста з гаспадарскага падыходу”.

“Калі ў мяне на тэрыторыі ёсць будынкі і збудаванні, іх трэба аднавіць. А потым думаць, чым іх напаўняць”, – кажа Чаркоўскі.

У выніку памяшканне выставілі на таргі. Як сцвярджаецца ў эфіры канала, яго купілі “менш, чым за хвіліну”.

Па словах Мельцэра, аўкцыён быў афіцыйным і адкрытым, але іншых “ахвотнікаў укладваць рэальныя грошы ў куплю” не знайшлося.

Канцэпцыя праекта

Будучы праект раскрытыкавала і Дэбра Брунер – член асацыяцыі па захаванні яўрэйскай спадчыны. Брунер наведвала Навагрудак і сустракалася з мясцовымі ўладамі.

Пасля візіту Брунер на сайце брытанскага медыя Jewish News з’явіўся вялікі матэрыял з загалоўкам “Чаму ў Беларусі гета часоў Другой сусветнай вайны раптоўна прадалі прыватнаму пакупніку?”.

У матэрыяле Брунэр адзначае, што глыбока занепакоеная тым, што на тэрыторыі былога гета хочуць зрабіць імерсіўную прастору, якая будзе ўключаць “манекенаў у касцюмах нацыстаў і зняволеных яўрэяў, якія поўзаюць па тунэлі для ўцёкаў”.

“Дадатковым шокам стала навіна, што былая майстэрня, дзе яўрэяў прымушалі працаваць на нацыстаў, будзе пераабсталявана ў гатэль для наведвальнікаў, якія хочуць атрымаць “цалкам імерсіўны вопыт. Мяне таксама здзівіла, што ні з кім з тых, хто выжыў, або з іх нашчадкаў не кансультаваліся”, – пракаментавала канцэпцыю мемарыяльнага комплексу Брунэр.

У сваю чаргу Чаркоўскі сцвярджае: сустрэча з Брунэр працягнулася каля чатырох гадзін, а на само мерапрыемства Навагрудскія ўлады паклікалі “ўласнага перакладчыка, каб разумець, ці даводзіцца інфармацыя”.

– У нейкіх пэўных момантах усё ж недагавор быў, – каментуе Чаркоўскі камунікацыю з Брунэр.

Мельцэр жа адзначае, што “нейкія пераапранутыя нямецкія афіцэры – гэта казкі”.

Ідэя ўзнавіць тое, што там сапраўды было, – кажа бізнэсмэн.

Якім у выніку будзе праект?

«Будзе створаны музей. Музей і гісторыі беларускага яўрэйства, і гісторыі Халакосту. Праз прызму Навагрудка мы пакажам увесь маштаб трагедыі, які адбываўся ў гады акупацыі», — заявіў у эфіры канала “Беларусь 1” Марзалюк.

Па словах дэпутата, да стварэння музея таксама прыцягнуць архітэктараў і скульптараў. Галоўнымі спецыялістамі стануць Канстанцін Касцючэнка (аўтар манумента “Брама памяці” ў Трасцянцы) і архітэктар Галіна Левіна (навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Лошыцкай сядзібы ў Мінску).

Чытайце таксама: «Поўнае пагружэнне». Тэрыторыю гета ў Навагрудку прадалі ўладальніку парка «Сула» — яўрэйскія арганізацыі занепакоеныя