Струкава Ганна Тадэвушаўна з вёскі Улазы і Байкоўская Вольга Ігараўна са Свіслачы 29 траўня папоўнілі спіс “экстрэмістаў”. Раней яны трапілі ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў – як удзельніцы руху «Руская праваслаўная царква – Царская Імперыя». Яго прызналі фарміраваннем у жніўні 2024 года па рашэнні МУС.

Жанчын асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе. Іх абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы” і ч.3 артыкула 361-1 КК “Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім”. Яны адбываюць пакаранне – якое менавіта, невядома.


Рух “Царскай імперыі” ёсць у Расіі, Украіне і Малдове. У Беларусі адэпты працавалі ў Гродзенскай і Віцебскай абласцях – “абрады” праводзілі ў закінутых дамах у глухіх вёсках.

Удзельнікі прапаведавалі стварэнне незалежнай дзяржавы “Трыадзіная Русь”. Па версіі СК, яны заваблівалі паслядоўнікаў у глуш, у напаўразбураныя хаты закінутых вёсак, дзе людзі зракаліся дакументаў, сацыяльных выгод і меддапамогі, абрывалі сувязі з навакольным светам. З траўня 2023 года ўдзельнікі руху стваралі ў інтэрнэце старонкі, каб прыцягваць новых адэптаў. Членаў секты заклікалі прысягаць імператару і адмаўляць дзейны дзяржаўны лад і законы.

Па дадзеных СК, у Беларусі рэлігійным рухам кіраваў “мітрапаліт”. Ён даваў указанні на падрыхтоўку агітацыйных матэрыялаў і напісанні “малітваў”. “Мітрапаліт” пакінуў Беларусь і аб’яўлены ў вышук.

У “Рускай праваслаўнай царквы – Царскай імперыі” было 50 беларускіх адэптаў. Астатнія 650 удзельнікаў – пераважна расіяне і ўкраінцы.

Чытайце таксама:

Денис Мисюля