Польскія прадпрымальнікі адзначаюць, што адкрыццё КПП з Беларуссю не палепшыла сітуацыю з прымежным гандлем. Больш за тое, у Падляскім ваяводстве сітуацыя выглядае горш, чым да закрыцця межаў, піша Gazeta Współczesna. 

Санкцыі ўплываюць на дробны прымежны гандаль — большасць тавараў, якія раней беларусы куплялі ў Польшчы, цяпер забаронена вывозіць. Гаворка ідзе аб туалетнай паперы, падгузніках, пральным парашку, электроніцы і бытавой тэхніцы.

«Санкцыйныя нормы дакладна кажуць, што частку тавараў можна вывозіць толькі пры ўмове, што іх кошт не перавышае 300 эўра. Калі даражэй – яны лічацца прадметамі раскошы, і іх вываз забаронены. На практыцы амаль уся тэхніка даражэйшая за гэты ліміт», — выказваецца старшыня Аб’яднання польскіх прадпрымальнікаў «Адзіны Усход» Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўская.

Змяніўся і сам рынак: інфляцыя і выдаткі на працу растуць – гэта зрабіла тавары ў Польшчы даражэй. Тым часам на беларускі рынак прыйшлі тавары з Азіі з ніжэйшымі коштамі.

У выніку прыгранічны гандаль становіцца ўсё менш выгадным. «Беларусы больш не прыязджаюць у такой колькасці, як раней. Раней паркоўкі былі запоўненыя іх машынамі і аўтобусамі – цяпер гэтага няма», – кажа Грыгатовіч-Шумоўская.

На дробным бізнэсе адбіваюцца і адрозненні ў працы польскіх мытнікаў на КПП. На пераходзе “Цярэспаль—Брэст” кантроль менш строгі, а на “Кузніцы” і “Баброўніках” спроба вывазу некаторых тавараў заканчваецца штрафам.

Прадпрымальнікі ўзнімалі ў Мінфіне Польшчы пытанне аб уніфікацыі правілаў. Там сказалі, што паспрабуюць гэта зрабіць.

Чытайце таксама: Да 2030 года могуць аднавіць чыгуначныя зносіны паміж Гроднам і Польшчай

Денис Мисюля