Ініцыятыва MALDZIS выкупіла на аўкцыёне ў Ізраілі працу мастака Осіпа Любіча, ураджэнца Гродна. Карціна называецца “Рабочыя” і датуецца 1920-мі гадамі — цяпер твор вернуць у Гродна. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце ініцыятывы.
Працу Осіпа Любіча набылі на сродкі мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай. Прадстаўнікі ініцыятывы хочуць перадаць карціну ў Гродна як грамадскі падарунак, каб імя мастака вярнулася ў беларускі кантэкст.
Осіп Любіч нарадзіўся ў 1896 годзе ў яўрэйскай сям’і ў Гродне, хаця ў гісторыю жывапісу ўвайшоў як адзін з прадстаўнікоў Парыжскай школы.
Класічную адукацыю Любіч атрымаў у Адэсе, а пазней перабраўся ў Берлін, дзе працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, оперы і кіно.
З 1923 Любіч жыў у Парыжы, дзе канчаткова сфарміраваўся як мастак Парыжскай школы. Маляваў партрэты, пейзажы, нацюрморты, а таксама сцэнкі з тэатральнага і цыркавага жыцця.
Памёр мастак у 1990 годзе.
Чытайце таксама: Аб’яднацца, каб падзяліцца. Як беларускія мастачкі пераадольваюць сіндром самазванкі за мяжой





