На тэрыторыі Новага замка ў Гродне археолагі выявілі рэшткі царквы XII стагоддзя. Знаходку зрабілі падчас будаўнічых работ. Даследаванне правялі з 17 па 22 красавіка — аказалася, пілястры падобныя да тых, што выкарыстоўвалі ў Каложы, паведамляе Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

Паводле слоў спецыялістаў, першапачаткова знаходка была выпадковай: будаўнікі натрапілі на муроўку з плінфы — характэрнай для старажытнарускага часу плоскай цэглы. Археолагі пашырылі раскоп і ўстанавілі, што перад імі — фрагмент культавага збудавання канца XII стагоддзя.

На гэта ўказваюць адразу некалькі дэталяў. У раскопе знойдзены фрагменты галаснікоў — гліняных сасудаў, якія ўмуроўвалі ў сцены храмаў для паляпшэння акустыкі. Акрамя таго, захавалася частка фігурнай пілястры (плоскі вертыкальны выступ на сцяне або калоне, які імітуе калону), аналагічнай той, што выкарыстоўваецца ў Барысаглебскай (Каложскай) царкве. Гэты архітэктурны элемент лічыцца характэрным для гродзенскай школы дойлідства.

«Выпадковая знаходка. У Гродне каля Новага замка адкапалі «двайніка» Каложскай царквы?»
Раскопкі каля Новага замка. Фота: grodnonews.by

«Даследчыкі таксама вызначылі, што знойдзеная сцяна, верагодна, з’яўляецца паўднёвай часткай храма з бакавым уваходам. Пра гэта сведчаць размяшчэнне пілястры і фрагменты партала.

Невядомы храм ці Уваскрасенская царква

На думку старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Івана Спірына, выяўленае збудаванне амаль напэўна з’яўляецца царквой, а не свецкай пабудовай. На карысць гэтага сведчыць як архітэктура, так і сам кантэкст — у XII стагоддзі на гэтай тэрыторыі знаходзіўся вакольны горад, дзе падобныя будынкі былі рэдкасцю, паведамляе «Гродзенская праўда».

Пры гэтым навукоўцы пакуль не могуць дакладна сказаць, да якога менавіта храма належаць знойдзеныя рэшткі. Ёсць версія, што гэта можа быць Уваскрасенская царква, вядомая па пісьмовых крыніцах, якая існавала да пажару 1613 года. Але магчыма, гэта і іншы, раней невядомы храм.

«Выпадковая знаходка. У Гродне каля Новага замка адкапалі «двайніка» Каложскай царквы?»
Знаходкі каля Новага замка. Фота: grodnonews.by

З-за далікатнасці старажытнай муроўкі раскопкі правялі ў абмежаваным аб’ёме. Пасля фіксацыі ўсіх даных і каардынат рэшткі царквы зноў засыпалі грунтам для захаванасці. У далейшым, пры патрэбе, даследчыкі змогуць вярнуцца да яе вывучэння.

Старадаўнія знаходкі каля Новага замка былі і раней

У 2018 годзе археолагі ўжо паведамлялі пра сенсацыйнае адкрыццё — тады быў выяўлены фрагмент каменнай муроўкі, папярэдне датаваны XII стагоддзем. Даследчыкі выказалі здагадку, што гэта можа быць частка Уваскрасенскай царквы, вядомай па летапісных крыніцах.

Раскопкі пачаліся ў канцы чэрвеня, і акрамя сцяны спецыялісты знайшлі стары брук, таварныя пломбы і іншыя артэфакты. Аднак з-за будаўнічых работ і пракладкі камунікацый правесці паўнавартасныя даследаванні не ўдалося — аб’ект закансервавалі і часова засыпалі. Паводле слоў экспертаў, для дакладнага вызначэння прызначэння пабудовы неабходны маштабныя раскопкі і дадатковае фінансаванне.

«Выпадковая знаходка. У Гродне каля Новага замка адкапалі «двайніка» Каложскай царквы?»
Раскопкі каля Новага замка ў красавіку 2026 года. Фота: grodnonews.by

Яшчэ адна значная знаходка была зроблена ў 2019 годзе: археолагі выявілі свінцовую падвесную пячатку, якая, мяркуецца, належала князю Уладзіміру Манамаху. Такія пячаткі выкарыстоўваліся для замацавання дакументаў. На адным баку выяўлены святы Васіль Кесарыйскі, на другім — старажытнарускі надпіс з просьбай аб дапамозе. Спецыялісты датуюць знаходку перыядам пасля 1113 года і звязваюць яе з ранняй гісторыяй Гродна

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы