Гродзенскі парк забаў рыхтуе вялікае абнаўленне да 900-годдзя горада, якое будуць святкаваць у 2028 годзе. У бліжэйшыя гады тут плануюць усталяваць пнеўматычную вежу падзення, двух’ярусныя атракцыёны і «паветраны веласіпед», а таксама пашырыць лічбавыя сэрвісы для наведвальнікаў. Зараз на плошчы 5 тысяч квадратных метраў працуе 15 атракцыёнаў.

Вежа падзення будзе з пнеўматычным механізмам і стане самай хуткай у краіне. У адрозненне ад традыцыйных гідраўлічных канструкцый, яна забяспечыць больш рэзкія пад’ёмы і спускі. Перамовы аб устаноўцы ўжо вядуцца, паведамляе «Гродзенская праўда».

Што яшчэ можа з’явіцца ў парку

Абмяркоўваюцца і іншыя атракцыёны, якія могуць з’явіцца ў парку ў бліжэйшы час. З-за абмежаванай плошчы парк робіць стаўку на кампактныя рашэнні. Разглядаюць устаноўку двух’ярусных атракцыёнаў. Адзін з іх можа з’явіцца прама над аўтадромам.

Сярод новых забаў таксама разглядаецца «паветраны веласіпед» — траса даўжынёй каля 100 метраў на вышыні 4,5 метра. Праект знаходзіцца ў распрацоўцы і арыентаваны на тых, хто шукае экстрэмальныя адчуванні. Таксама ў парку плануюць адкрыць 9D-кінатэатр з эфектам поўнага пагружэння.

Развіваюць інфраструктуру

У парку працягваецца развіццё інфраструктуры. Стала больш кас самаабслугоўвання, тэстуюцца новыя фарматы аплаты, напрыклад, ёсць магчымасць купіць білет онлайн. У планах — запуск мабільнага дадатку.

Прыслухоўваюцца да пажаданняў наведвальнікаў

У мінулым годзе па просьбах гродзенцаў з’явіўся атракцыён для малых — новая «Вусеня». Прапановы па новых атракцыёнах яшчэ можна пакінуць у Instagram-акаўнце парка. У адрозненне ад забаўляльных паркаў у іншых гарадах, гродзенскі працуе круглы год і штогод прыцягвае да мільёна наведвальнікаў.

Што па цэнах

Кошт атракцыёнаў у гродзенскім парку забаў вагаецца ад 3,5 да 7,5 рубля. Самымі дарагімі застаюцца кола агляду і аўтадром — па 7,5 рубля за сеанс. Па 6 рублёў каштуе пракаціцца на «Летальнай талерцы», 5–5,5 рубля абыдуцца «Вальс», «Амерыканскія горкі» і «Зорны байкер». Атракцыёны сярэдняй катэгорыі — «Каліпса», «Вусеня» і «Поле цудаў» — каштуюць па 4,5 рубля, а «Касмічнае таксі» і «Конікі» — па 4 рублі. «Жырафікі» — 3,5 рубля.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы