Кіроўцу, які летась разбурыў гістарычную капліцу ў Смаргонскім раёне, аштрафавалі на буйную суму. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Генеральнай пракуратуры Беларусі. Мужчына таксама павінен будзе выплаціць грошы за разбураны помнік і яго аднаўленне.
Аварыя адбылася ў кастрычніку 2025 года ў вёсцы Расла. Нетрэзвы кіроўца за рулём Audi не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў капліцу XIX стагоддзя, якая прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю трэцяй катэгорыі. У выніку помнік архітэктуры амаль цалкам разбурыўся.
Як расказвалі ў інтэрнэце мясцовыя жыхары, 25-гадовы кіроўца быў моцна п’яны і спяшаўся, каб забраць з школы дзіця. На дарогу пад колы раптоўна выскачылі гусі, кіроўца, відаць, спрабаваў аб’ехаць іх. Адна з птушак загінула. Пасля ўдару ў капліцу аўто перавярнулася і таксама цалкам разбілася. Кіроўца цудам не пацярпеў.
Пасля праверкі Смаргонскага РАУС мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці: яго аштрафавалі на 8,4 тысячы рублёў і пазбавілі правоў кіравання на пяць гадоў.

Аштрафавалі і за помнік
Дадаткова за пашкоджанне гістарычнага аб’екта яму прызначылі штраф у 270 рублёў. Пры гэтым пасля аднаўлення капліцы вінаваты павінен будзе кампенсаваць усе выдаткі на рамонт.
Якой будзе выніковая сума — пакуль невядома. Але падобны выпадак здарыўся таксама ў Смаргонскім раёне ў 2021 годзе: тады п’яны кіроўца толькі пашкодзіў капліцу XIX стагоддзя на тэрыторыі Карэнеўскага сельсавета.
Згодна з заключэннем эксперта філіяла «Белрэстаўрацыі», шкода склала больш за 10 тысяч рублёў, якія праз суд па пазове раённага пракурора спагналі з вінаватага.




