Гродзенка аплаціла дзве экспазіцыі ў мясцовым музеі і паглядзела іх. Вяртацца трэба было па калідоры, дзе таксама былі экспанаты. Наглядчык музея папрасіў дзяўчыну “паспяшацца і выйсці”, каб тая, паводле яе слоў, не “ўбачыла нічога з неаплачанай экспазіцыі”. Аб сітуацыі гродзенка распавяла ў Threads – музей вылічылі, і ён прыйшоў у каментары.

Гродзенка адзначыла, што абыходзіліся з ёй ветліва, але «асадак застаўся». Гараджанка дадае, што ёй маглі б паведаміць на касе аб правілах агляду экспазіцыі. «Я б заплаціла за наведванне ўсіх залаў», – напісала яна.

У каментарах пад пастом “вылічылі” гродзенскі Музей гісторыі рэлігіі. Іншыя гродзенцы адзначылі, што таксама траплялі ў такія сітуацыі.

«Пасля гэтага перастала хадзіць у Музей гісторыі рэлігіі. Жахлівы падыход да сваіх гасцей.», — напісала адна з гараджанак. 

«Ужо не першы раз чую такія “нюансы” ад іншых, ды і сама сутыкалася з дзівацтвамі ад работнікаў», — дадае іншая ўдзельніца абмеркавання. 

«Мы спыніліся зрабіць агульнае фота ў прыгожым люстэрку. Нам зрабілі заўвагу не вельмі ветліва. Таксама не ведалі пра такія тонкасці», — піша трэцяя гродзенка. 

Яшчэ адна карыстальніца напісала, што ёй “таксама сказалі не глядзець”, маючы на ​​ўвазе пад гэтым, верагодна, экспазіцыю.

Як музей адрэагаваў на скаргу?

У каментары прыйшоў і сам Музей гісторыі рэлігіі. Супрацоўнікі прызналі памылку і прынеслі прабачэнні за некарэктны напамін.

“Нам шчыра шкада, што ваша ўражанне ад экспазіцый сапсавала такая сітуацыя. Вы маеце рацыю: аб правілах праходу і аплаты трэба папярэдзіць на касе, а не падганяць наведвальніка ўжо ў зале. Гэта наша недапрацоўка, і мы вам дзякуем, што звярнулі на гэта ўвагу – для нас гэта вельмі каштоўна”, – напісалі ў адказе.

Таксама паабяцалі разабраць сітуацыю з супрацоўнікамі – прагаварыць правілы інфармавання гасцей.

Чытайце таксама: У маёнтак “Каробчыцы” зараз можна трапіць бясплатна

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы