У Threads гараджанка пацікавілася, дзе на думку астатніх жыхароў знаходзіцца цэнтр Гродна. У каментарах меркаванні падзяліліся – кажуць, і Альшанка блізка.

“Пошукі” цэнтра горада пачаліся з-за таго, што аўтарка паста займаецца здачай кватэр на суткі. Яе кліенты шукалі жыллё ў цэнтры горада. Пасля прапанаванага варыянта на вуліцы Баторыя адзначылі, што ім патрэбная кватэра “пацэнтрэй”. Таму гараджанка і задалася пытаннем, а дзе канкрэтна знаходзіцца цэнтр Гродна.

На думку аўтаркі паста, цэнтр знаходзіцца на Савецкай плошчы. Пры гэтым гараджанка дадае, што ў цэлым горад кампактны, таму “можна ад Леніна да Савецкай усё цэнтрам лічыць”.

У каментарах некалькі ўдзельнікаў абмеркавання згаджаюцца з аўтаркай. “Усё, што ад савецкай да Леніна і ёсць цэнтр”, – піша адзін з гродзенцаў.

Зрэшты, знайшліся і іншыя меркаванні.

«Ад маста да ваенкамата і ад стадыёна да чыгункі вакзала – гэта ўсё цэнтр», – адзначае карыстальнік.

«Як для мясцовай у мяне цэнтр пачынаецца з цэнтра занятасці і заканчваецца вуліцай Гарнавых. Каложа і аўтавакзал цэнтр», – дадае іншая гродзенка.

«Мяркуючы па аб’явах аб здачы кватэры, Альшанка гэта недалёка ад цэнтра», – іранізуе яшчэ адзін гараджанін.

Некаторыя ўдзельнікі абмеркавання параўноўваюць маштабы Гродна з Масквой ці Санкт-Пецярбургам. Пры такіх суадносінах, лічаць яны, “амаль цэнтрам” можна лічыць нават тую частку горада, дзе размешчаны ГЗК Triniti.

Чытайце таксама: Амаль мільён. Колькі турыстаў пабывала ў музеях вобласці за мінулы год?