У Гродне на Васілька, 5 ідзе будоўля – стары дзіцячы садок перабудоўваюць пад жылы дом. Аўтары Telegram-канала «Спадчына» звярнулі ўвагу на тое, з якіх матэрыялаў узводзяць будынак.
«Жалезабетонныя канструкцыі, сцены з газасілікатных блокаў і сілікатнай цэглы з мінеральным уцяпляльнікам… І толькі вонкавы слой выкладаецца са старой цэглы. Ніякая гэта не рэканструкцыя, а проста знішчэнне і навабуд», — пішуць у канале «Спадчыны».
Тым часам рэсурс domovita.by характэрызуе будоўлю як «сапраўдную магію рэдэвелапменту» і адзначае, што старую цэглу не выкінулі. «Беражліва ачысцілі і зараз выкарыстоўваюць для абліцоўвання фасада новага будынка».
Будынак былога дзіцячага садка не меў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, але знаходзіўся на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна. Увесну 2025 на грамадскія абмеркаванні вынеслі праект рэканструкцыі будынка. Ужо тады было вядома, што былы дзіцячы садок перабудуюць пад жылы дом.
У чэрвені 2025 года дом на Васілька разабралі на цэглу, хоць праектам прадугледжвалася захаванне гістарычнага аблічча пабудовы.


На месцы былога дзіцячага садка з’явіцца дом на шэсць кватэр са спартзалай у падвале.
Чытайце таксама: Гродзенцам прапануюць абмеркаваць рэканструкцыю былога інтэрната пад гасцініцу




