Ва УУС Гродзенскага аблвыканкама абверглі здагадкі гараджан, што жывёл мучае мінскі жывадзёр Мікалай Кавалёў. Пацверджанняў, што ён датычны, не знайшлося. Але праверка яшчэ вядзецца.
Цяпер супрацоўнікі міліцыі праводзяць эксгумацыю астанкаў ката – мёртвую жывёлу знайшлі яе гаспадары на суседнім участку.
У міліцыі таксама дадалі, што “ўсплёску правапарушэнняў у адносінах да жывёл у Гродне не назіраецца”.
Чаму міліцыя эксгумавала астанкі ката?
У канцы кастрычніка ў сацсетках і чатах Гродна распаўсюджваліся паведамленні аб гібелі і траўмах дамашніх катоў у раёне Забалаці і Грандзічаў. Жыхары асцерагаліся, што нехта наўмысна прычыняе шкоду жывёлам.
Адзін з удзельнікаў абмеркавання распавёў, што знайшоў свайго ката мёртвым на суседнім участку. Паводле яго слоў, на целе быў роўны разрэз скуры, а слядоў укусаў ён не заўважыў. Аўтар паведамлення мяркуе, што жывёлу падкінулі ўначы: напярэдадні яе на тым месцы не было.
У іншых паведамленнях гаворылася пра знікненне трох котак. Удзельнікі перапіскі таксама пераказвалі гісторыю пра мэйн-куна, які нібыта вярнуўся дадому з пашкоджаным языком. Адна з суразмоўніц напісала, што знаходзіцца ў міліцыі і падае заяву. Публікацыі з папярэджаннямі запоўнілі гродзенскі Threads.
Пасля публікацый пра здарэнне з жывёлай міліцыя распачала праверку. Каб высветліць абставіны, супрацоўнікі міліцыі ініцыявалі эксгумацыю парэшткаў ката, якога раней знайшлі гаспадары на суседнім участку.
Пры чым тут Мікалай Кавалёў?
У кастрычніку ў сацсетках зноў пачалі абмяркоўваць Мікалая Кавалёва, вядомага як «сухараўскі жывадзёр». Нагодай сталі каментарыі з акаўнта з яго імем і фотаздымкам пад аб’явамі пра пошук новых гаспадароў для жывёл. Хто карыстаецца старонкай, невядома.
У 2022 годзе Кавалёва судзілі за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Ён забіраў катоў і котак па аб’явах «у добрыя рукі», а затым пераставаў адказваць ранейшым уладальнікам і валанцёрам. Удалося даказаць гібель 14 жывёл, яшчэ адну котку выратавалі пасля таго, як суседзі пачулі крыкі і выклікалі міліцыю.
27 снежня 2022 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызначыў Кавалёву тры гады калоніі агульнага рэжыму. Паводле амністыі тэрмін скарацілі на год. Згодна з апублікаванай гісторыяй справы, пасля ён выйшаў на волю.
Пацвярджэнняў таго, што акаўнт вядзе сам Кавалёў, а таксама яго сувязі са здарэннем у Гродне няма.
Чытайце таксама: Валанцёры распавялі пра стан сабакі, знойдзенага з куляй у жываце пад Гроднам



