У 2024 годзе ў Гродзенскай вобласці нарадзілася 6537 дзяцей, у 2025 – 6036. За гэты ж перыяд памерла 13469 і 13475 чалавек адпаведна. Смяротнасць у вобласці больш чым у два разы перавышае нараджальнасць, вынікае са статыстычнага штогодніка Белстата.
Сацыёлагі падлічылі і каэфіцыент смяротнасці – стаўленне колькасці памерлых на працягу года да сярэднегадовай колькасці насельніцтва. За апошнія гады ён вырас: у 2024 годзе склаў 13,6 на 1000 чалавек, у 2025 – 13,7. Каэфіцыент нараджальнасці, наадварот, упаў – 6,6 у 2024 і 6,2 у 2025 годзе. У адрозненне ад іншых паказчыкаў, суадносіны нараджальнасці і смяротнасці прыведзены толькі за апошнія два гады. Астатнія дадзеныя прыводзяцца пераважна з 1990 года.
Агульная колькасць насельніцтва па вобласці зніжаецца апошнія 10 гадоў. У 2016 у Гродзенскай вобласці пражывала 1,04 млн чалавек, у 2023 годзе 998 тыс., а ў 2026 – 976 тыс. Адток насельніцтва фіксуюць і ў гарадах, і ў сёлах вобласці.
Пры гэтым у Гродне, наадварот, колькасць расце. У 2016 годзе паказчык складаў 349,9 тыс., у 2023 – 358,7 тыс., а да 2026 года насельніцтва дайшло да 364,9 тыс.
Само ж насельніцтва вобласці паступова старэе – гэта адбываецца і ў гарадах, і ў вёсках Гродзеншчыны. Напрыклад, у 1990 годзе сярэдні ўзрост для абедзвюх палоў складаў 36 гадоў, у 2018 – ужо 40, а да 2026 года дасягнуў 42,4 гадоў (39,5 для мужчын і 44,9 для жанчын).
Узровень міграцыі, як з Беларусі, так і ўнутры краіны, таксама расце. У 2024 з вобласці з’ехала 38,6 тыс. чалавек, у 2025 – 39,5 тыс. чалавек.
Чытайце таксама: Статыстыка: палякі пазітыўна ставяцца да беларусаў, але рэжым у краіне лічаць аўтарытарным



