Новы этап раскопак у Крэўскім замку будзе праходзіць ля старажытных сцен – археалогіі плануюць знайсці сляды замкавага моста і вызначыць, дзе менавіта праходзілі ровы. Раскопкі курыруе Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.
Падмурак пабудовы археолагі вызначылі яшчэ ўлетку 2024 года. Тады ж спецыялісты выказалі здагадку, што падмурак належыць замкаваму масту – пасля гэтая здагадка пацвердзілася. Мост вёў ад малой брамы ва ўнутраны двор.
«Лінія падмурка цалкам адпавядае канфігурацыі маста. А ў гэтым месцы знаходзілася замкавая сажалка, таму і была неабходнасць узводзіць каменны падмурак», — адзначаў тады навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.
Вызначыць параметры знаходак важна, таму што праект рэстаўрацыі замка прадугледжвае аднаўленне двух мастоў і равоў па абодва бакі.
Некаторыя дэталі даследчыкам ужо ўдалося ўстанавіць. Напрыклад, вызначаны параметры аднаго з равоў. Ён падыходзіў да сцен замка на адлегласць 4-4,5 м.
Што яшчэ знайшлі падчас раскопак?
Падчас апошніх раскопак археолагі таксама знайшлі ўрну часоў Першай сусветнай вайны. У ёй некалькі бутэлек той эпохі з пячаткай фабрыкі Хартвіга Кантаровіча, якая знаходзілася ў Познані.
Чытайце таксама: У Крэўскім замку раскапалі трэцюю вежу. Але не ўсе гісторыкі ўзрадаваліся




