Пенсіянер з Гродна Раман Міхалюк запісаў зварот да Аляксандра Лукашэнкі ў TikTok. Ужо 11 гадоў ён спрабуе вырашыць спрэчку наконт зямлі каля дома, які яны з братам атрымалі ў спадчыну. Участак своечасова не аформілі, абедзве сям’і ўзвялі на ім самавольныя пабудовы, а цяпер для рэгістрацыі зямлі частку гэтых аб’ектаў давядзецца знесці.
Гісторыю гродзенца паказалі у праграме дзяржаўнага тэлеканала «В понедельник дойдет до Лукашенко». Здымачная група разам з прадстаўнікамі ўлады выехала на месца.
Аднак з сюжэта няпроста зразумець, што менавіта адбылося і чаму канфлікт доўжыцца столькі гадоў. Hrodna.life паспрабаваў аднавіць паслядоўнасць падзей.
У 2002 годзе браты атрымалі па палове дома
Пасля смерці маці ў 2002 годзе Раману Міхалюку і яго брату дасталося па палове жылога дома. Кожны жыў у сваёй частцы разам з сям’ёй.
З часам на ўчастку з’явіліся навесы, альтанкі, хлявы, калодзеж і іншыя аб’екты. Раман Міхалюк, напрыклад, абсталяваў душавую для хворай маці.
Аднак зямлю каля дома сем’і не зарэгістравалі. Не былі ўзаконеныя і пабудаваныя на ёй аб’екты. Таму з пункту гледжання заканадаўства яны лічацца самавольнымі пабудовамі.
У 2016 годзе брат аформіў зямлю без удзелу Рамана
У 2016 годзе брат Рамана Міхалюка звярнуўся па прадастаўленне зямельнага ўчастка. Гродзенскі гарвыканкам задаволіў яго заяву.
Раман сцвярджае, што пра працэдуру не ведаў і ў ёй не ўдзельнічаў. Паводле яго слоў, зямлю аформілі за яго спінай. Пры гэтым у праграме не патлумачылі, якую менавіта частку ўчастка далі брату і чаму другі саўладальнік дома не ўдзельнічаў у афармленні.
Прыкладна ў гэты ж час паміж сем’ямі пачаліся скаргі праз пабудовы на ўчастку.
У прыватнасці, прэтэнзіі ўзніклі да навеса, які нібыта закрываў акно. Рамана аштрафавалі. У адказ яго сям’я адзначыла, што самавольныя пабудовы ёсць у абодвух бакоў.
Пасля смерці брата рэгістрацыю зямлі скасавалі праз суд
Нядаўна брат Рамана Міхалюка памёр. Пасля гэтага ўдзельнікамі спрэчкі засталіся сам пенсіянер і яго дачка, а з другога боку — удава і дачка памерлага брата.
Раман звярнуўся ў суд і абскардзіў рашэнне гарвыканкама ад 2016 года аб прадастаўленні зямлі другому боку. У ліпені суд скасаваў рэгістрацыю ўчастка. Цяпер гэтае рашэнне спрабуюць абскардзіць.
Атрымалася такая сітуацыя: пенсіянер дамогся скасавання рашэння, якое лічыў несправядлівым, але цяпер уся зямля зноў застаецца неаформленай.
Паводле версіі чыноўнікаў, калі судовае рашэнне не зменяць і Раман не адкліча сваю заяву, зарэгістраванага ўчастка не будзе ні ў аднаго з бакоў.
Чаму цяпер патрабуюць знесці пабудовы
Зарэгістраваць самавольныя пабудовы без аформленай зямлі нельга. Але за час сямейнай спрэчкі змянілася заканадаўства. Як сцвярджаецца ў праграме, цяпер для афармлення ўчастка спачатку неабходна знесці неўлічаныя аб’екты, якія на ім знаходзяцца.
Такім чынам, узнікла замкнёнае кола: без рэгістрацыі зямлі нельга ўзаконіць пабудовы, а зарэгістраваць зямлю цяпер перашкаджаюць самі незаконныя пабудовы.
Пад знос могуць трапіць навесы, альтанкі, хлявы і душавая. Пры гэтым сем’і працягваюць карыстацца ўчасткам, агародам, калодзежам і пабудовамі — улады гэтага не забараняюць.

Разам са здымачнай групай прыехалі чыноўнікі
Да дома Міхалюкоў разам са здымачнай групай прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады. Сярод іх былі начальнік упраўлення землеўпарадкавання Гродзенскага гарвыканкама Віталь Шут і намесніца начальніка аддзела ЖКГ і добраўпарадкавання адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Кацярына Тарасава.
На месцы прысутнічалі і іншыя чыноўнікі і спецыялісты.
Кацярына Тарасава каментавала сітуацыю з самавольнымі пабудовамі, а Віталь Шут тлумачыў пазіцыю гарадскіх уладаў наконт афармлення зямельнага ўчастка.
«Тут вельмі моцны міжасабовы канфлікт, практычна непрымірымы», — заявіў Шут.
Паводле яго слоў, удзельнікі спрэчкі неаднаразова прыходзілі на асабістыя прыёмы. Чыноўнікі прапаноўвалі Раману Міхалюку ўступіць у правы на палову долі, а затым разам з іншымі землекарыстальнікамі звярнуцца па прадастаўленне ўсяго ўчастка, якім карыстаюцца абедзве сям’і.
Шут сцвярджае, што змены ў заканадаўстве цяпер дазваляюць выкарыстоўваць такі парадак. Аднак сваякі не пагадзіліся на прапанаваны варыянт.
«Людзі нас не пачулі, яны працягнулі і дагэтуль пішуць звароты», — сказаў чыноўнік.
У канцы сустрэчы сям’я заявіла, што пакуль хоча пакінуць усё як ёсць. Аднак гэта не вырашае юрыдычную праблему: зямля і пабудовы па-ранейшаму застаюцца неаформленымі.

У праграме «прайшліся» па пенсіянеры
Дачка Рамана Міхалюка заявіла, што падчас спроб трапіць на прыём у аблвыканкам сям’і нібыта адмаўлялі, як толькі чулі іх прозвішча. Таму пенсіянер і запісаў відэазварот у TikTok. Гэта адзіная публікацыя на яго старонцы, яна набрала каля 6000 праглядаў.
Аўтары дзяржаўнай праграмы іранічна пракаментавалі абраны сям’ёй спосаб прыцягнуць увагу да праблемы:
«Ужо нейкі трэнд. Дзеці рэгіструюць пажылых бацькоў, каб тыя ў публічнай прасторы вырашалі свае пытанні».
У фінале сюжэта сям’ю таксама папракнулі за рашэнне пакуль пакінуць усё як ёсць, нягледзячы на шматлікія звароты, судовыя разбіральніцтвы і сустрэчу з чыноўнікамі. Аповед завяршылі фразай: «Рабіць высновы залішне».
Пры гэтым сама праграма так і не дала яснага адказу на асноўныя пытанні: хто і якую зямлю атрымаў у 2016 годзе, чаму пры афармленні ўчастка не ўлічылі другога ўладальніка дома і ці можна цяпер зарэгістраваць зямлю без зносу ўсіх пабудоў.



