Прадпрыемства “Малочны Мір” адкрые на Савецкай фірмовы магазін і аб’ект грамадскага харчавання. Для гэтага мадэрнізуюць памяшканні на першым паверсе дамоў па вул. Савецкая, 17 і 19.

У зале злева ад уваходу, дзе раней была крама “Гражына”, будзе кафэтэрый для дэгустацыі прадукцыі ААТ “Малочны Мір” з самаабслугоўваннем і аднаразовым посудам. У асноўнай частцы крамы будуць прадаваць харчовыя тавары – прадукцыю “Малочнага Міру”.

Крама будзе працаваць з 10.00 да 22.00. Плошча гандлёвай залы – 112,92 м. Яна будзе разлічана на 84 чалавекі.

Цяпер “Малочны Мір” шукае генпадрадчыкаў на будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы.

Што будуць прадаваць у фірмовай краме “Малочны Мір”?

  • Малако і вяршкі рознай тлустасці,
  • Кісламалочныя прадукты: кефір, смятана, ражанка, сыраватка, бія-ёгурты, тварог і тварожныя дэсерты,
  • Сыры: цвёрдыя, паўцвёрдыя, мяккія (у т.л. з цвіллю), плаўленыя і рассольныя сыры,
  • Масла,
  • Марозіва,
  • Іншая прадукцыя: дэсерты, сухія малочныя прадукты і ваду.

Будынкі, у якіх будзе крама і кафэ, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Таму ўваход не будуць перабудоўваць згодна з нормамі для маламабільных людзей – для іх прадугледзяць толькі кнопку выкліку персаналу на ўваходзе.