У Мастах на электронныя таргі выставілі гістарычную сядзібу пачатку XX стагоддзя, якая ў апошнія гады працавала як аграсядзіба «Явар». Будынак не патрабуе капітальнага рамонту: тут ужо ёсць усе неабходныя камунікацыі, абсталяваны гасцінічныя нумары, банкетныя памяшканні і упарадкавана тэрыторыя. Пачатковы кошт комплексу — 345 782 рублі. Таргі пройдуць 25 жніўня 2026 года.
Комплекс размешчаны на ўскрайку Мастоў па адрасе вуліца Янкі Купалы, 62, недалёка ад чыгуначнай станцыі. Гістарычна гэта тэрыторыя адносілася да вёскі Малыя Сцяпанішкі.
Пабудавалі амаль сто гадоў таму
Каменны дом з мансардай узвялі ў 1928 годзе ў папулярным тады закапанскім стылі. Будынак вылучаецца класічным фасадам з калонамі. Навокал сядзібы разбілі сад і невялікі парк, асобныя элементы якога захаваліся да нашых дзён.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у будынку працавала школа, а пазней тут адкрылі аграсядзібу «Явар», якой кіравала Мастоўскае ЖКГ.
Гісторыя гэтага месца пачынаецца яшчэ раней. Само паселішча Малыя Сцяпанішкі (на старых картах — Малыя Стэфанішкі) вядома з XVI стагоддзя. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года яно ўваходзіла ў склад Польшчы.

Што ўваходзіць у лот
Новы ўладальнік атрымае не толькі сам будынак плошчай 271,7 кв. м, але і практычна гатовы турыстычны комплекс. Разам з сядзібай прадаюцца дзве майстэрні, альтанка, тэнісны корт, калодзеж, навес, абсталяванне і іншыя гаспадарчыя аб’екты.
У доме ўжо падключаны электрычнасць, вадаправод і аўтаномная каналізацыя.
Унутраная прастора таксама цалкам падрыхтавана да эксплуатацыі. На першым поверсе знаходзяцца прасторная зала, якую можна выкарыстоўваць як канферэнц-залу або банкетнае памяшканне, гасцёўня з камінам і абсталяваная кухня. На другім — дзве вялікія спальні, душавыя, санвузлы і невялікі хол для адпачынку.
Упарадкавана і тэрыторыя вакол дома. Тут пракладзены пешаходныя дарожкі, устаноўлены разныя драўляныя лаўкі, захаваўся калодзеж, а многія драўляныя скульптуры стварыў майстар разьбы па дрэве і супрацоўнік Мастоўскага ЖКГ Віктар Епачанцаў.
Агульная плошча зямельнага ўчастка складае амаль 1,7 гекрара. Зямлю новы Уласнік атрымае ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.

Купіць можна не толькі пад гасцініцу
Паводле умоў аўкцыёну новы ўладальнік павінен пачаць выкарыстоўваць аб’ект на працягу года пасля куплі.
Пры гэтым прызначэнне комплексу можна змяніць. Акрамя гасцініцы тут дапускаецца размяшчэнне адміністрацыйных памяшканняў, аб’ектаў гандлю, аховы здароўя, сацыяльных паслуг, а таксама фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных аб’ектаў.
Колькі каштуе сядзіба
Пачатковы кошт лота складае 345 782 рублі. У гэтую суму ўваходзяць сам будынак, абсталяванне і маёмасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі комплексу. Таргі пройдуць на электроннай пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць».
Для ўдзелу неабходна ўнесці задатак у памеры 35 тысяч рублёў. Пераможцу таксама трэба будзе аформіць дагавор арэнды зямельнага ўчастка і выканаць іншыя ўмовы, прадугледжаныя аўкцыённай дакументацыяй.
Цікава, што яшчэ да абвяшчэння таргоў арыенціровачны кошт маёмасці без мэблі складаў амаль 642 тысячы рублёў.



