У Смаргоні мясцовая жыхарка паскардзілася, што падлеткі «акупавалі» дзіцячую пляцоўку і не даюць гуляць малым. У горадзе ёсць спартыўныя секцыі, стадыёны і варкаўт-зона, але альтэрнатыўных прастораў — накшталт скейт-паркаў ці пляцовак для старэйшых дзяцей — няма. Спроба жыхароў сабраць грошы на экстрым-зону некалькі гадоў таму правалілася. Разбіраемся, што пра такія сітуацыі кажа міліцыя, што рабіць падлеткам і як гэтую праблему вырашаюць у іншых краінах.

«Мы таксама дзеці і прыйшлі першымі»

Жыхарка Смаргоні Ганна звярнулася ў рэдакцыю газеты «Светлы шлях». Жанчына прыйшла на дзіцячую пляцоўку каля Спаса-Праабражэнскага сабора з двума малымі — трох і пяці гадоў. Але пагуляць ім не ўдалося: усю прастору занялі падлеткі, якія былі відавочна старэйшыя за тых, для каго ўладдкоўвалі гэтую гульнявую зону.

На просьбу саступіць месца малым жанчына пачула: «Мы таксама дзеці і прыйшлі першымі».

Пляцоўку каля Спаса-Праабражэнскага сабора адкрылі ў 2024 годзе. Тут ёсць арэлі, горкі, пясочніцы і спартыўныя элементы. Яе набылі на грошы прыхаджан.

Што кажуць у міліцыі

Сітуацыю пракаментаваў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Смаргонскага РАУС Аляксей Ражко.

Паводле яго слоў, простай забароны на знаходжанне падлеткаў на дзіцячай пляцоўцы заканадаўства не ўтрымлівае. Пытанне хутчэй тычыцца выхавання, культуры паводзін і павагі да навакольных.

— Забараніць такім дзецям гуляць на пляцоўцы ніхто не можа. Гэта, хутчэй, маральнае пытанне, — тлумачыць начальнік ІСН. — Звычайна старэйшыя хлопцы і дзяўчаты, бачачы, што прыйшлі малыя, імкнуцца саступіць ім месца. Але, на жаль, так бывае не заўсёды.

Міліцыя заклікае бацькоў не толькі кантраляваць дасуг сваіх дзяцей, але і тлумачыць ім простую рэч: дзіцячая пляцоўка ў першую чаргу прызначана для маленькіх дзяцей. І саступіць ім месца — не сорамна, а правільна.

Мама са Смаргоні паскардзілася, што падлеткі замінаюць малодшым дзецям на дзіцячай пляцоўцы. Скейт-парк для іх у горадзе так і не пабудавалі
Фота: shliah.by, прадастаўлена жыхаркай Смаргоні

Калі за паводзіны на пляцоўцы ўжо могуць пакараць

Сам факт таго, што падлетак прыйшоў на дзіцячую пляцоўку, парушэннем не зваляецца. Але праблемы пачынаюцца, калі абсталяванне выкарыстоўваюць не па прызначэнні і пашкоджваюць яго.

Напрыклад, арэлі ці каруселі могуць зламацца, калі на іх адначасова катаюцца некалькі падлеткаў або выкарыстоўваюць іх без уліку вагі і габарытаў, на якія канструкцыі не разлічаны.

Калі маёмасць пашкоджана, можа наступіць адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 11.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі — «Пашкоджанне маёмасці». Гэта тычыцца і пашкоджаных лавак, разбітых ліхтароў ці размаляваных сцен.

Калі ж гаворка ідзе пра апаганенне збудаванняў, цынічныя надпісы ці шкоду, якая перавышае 10 базавых велічынь, справа можа перарасці ў крымінальную.

Асобна закон рэгулюе і іншыя парушэнні паводзін у грамадскім месцы.

Нецэнзурная лаянка на вуліцы, у тым ліку на дзіцячай пляцоўцы, можа кваліфікавацца як дробнае хуліганства па артыкуле 19.1 КаАП.

Калі падлеткі пачынаюць біцца, кідацца камянямі ці наносяць камусьці цялесныя пашкоджанні, адказнасць будзе залежаць ад цяжкасці наступстваў, пракаментавалі ў міліцыі. У такіх выпадках могуць прымяняцца артыкул 10.1 КаАП «Узнясенне цялесных пашкоджанняў» або нормы Крымінальнага кодэкса.

У Смаргоні ёсць дзе займацца спортам, але няма скейт-парка

У Смаргоні ёсць спартыўныя секцыі, стадыёны, футбольныя пляцоўкі і варкаўт-зона каля школы №5. Працуюць спартыўныя школы і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Але прасторы, куды падлетак можа проста прыйсці пасля школы ці ўвечары — пакатацца, сустрэцца з сябрамі і правесці час на вуліцы, — у Смаргоні няма.

Скейт-парк хацелі пабудаваць на грошы жыхароў

Некалькі гадоў таму жыхары паспрабавалі вырашыць гэтае пытанне самастойна.

У 2023 годзе ў сацыяльных сетках абвясцілі збор сродкаў на будаўніцтва скейт-парка. Аўтары ініцыятывы хацелі стварыць бяспечную прастору для скейтбардыстаў, веласіпедыстаў BMX і тых, хто катаецца на самакатах.

Планавалася сабраць 35 тысяч рублёў.

Арганізатары разлічвалі, што скейт-парк стане не толькі месцам для трэніровак, але і пляцоўкай для спаборніцтваў ды іншых мерапрыемстваў для моладзі.

Аднак сабраць неабходную суму не ўдалося. У лютым 2024 года збор закрылі.

Мама са Смаргоні паскардзілася, што падлеткі замінаюць малодшым дзецям на дзіцячай пляцоўцы. Скейт-парк для іх у горадзе так і не пабудавалі
Скейт-парк у польскім мястэчку Собалева. Фота: radio.bialystok.pl

Сітуацыю актыўна абмяркоўвалі ў мясцовай суполцы ВК «Слухі Смаргонь». Высветлілася, што ўсяго на будаўніцтва ўдалося сабраць 3339 рублёў. Паводле слоў арганізатара Арцёма Кульчыцкага, 2000 рублёў пералічыла кампанія «Дэйрыфарм», 600 рублёў ён унёс сам, яшчэ каля 300 рублёў ахвяравалі яго сябры і знаёмыя.

Пасля закрыцця збору грошы пералічылі на дабрачыннасць — на дапамогу дзяўчынцы з дыягназам СМА. Менавіта гэтае рашэнне і выклікала бурнае абмеркаванне ў сацыяльных сетках.

Адны карыстальнікі лічылі, што грошы, сабраныя на канкрэтную мэту, нельга было перадаваць камусьці іншаму без згоды тых, хто іх ахвяраваў. Іншыя падтрымлівалі арганізатара і адзначалі, што сродкі ў выніку пайшлі на дапамогу дзіцяці.

У каментарах прапаноўвалі вярнуць грошы тым, хто гэтага захоча. Арганізатар адказаў, што ў яго ёсць дакументы пра рух сродкаў і перавод грошай на дабрачынны рахунак.

У выніку скейт-парк у Смаргоні так і не з’явіўся.

Як прасторы для падлеткаў ствараюць у Польшчы

У Польшчы падобныя праекты ў невялікіх гарадах і населеных пунктах нерэдка рэалізуюць з дапамогай грамадскага бюджэту (budżet obywatelski). Жыхары самі прапануюць ідэі, збіраюць падтрымку і галасуюць за праекты. Тыя, якія набіраюць найбольш галасоў, атрымліваюць фінансаванне з мясцовага бюджэту.

Напрыклад, так з’явіліся скейт-парк і памп-трэк у Собалеве — невялікім населеным пункце ў гміне Супрасль, дзе жыве каля 3,6 тысячы чалавек. Мястэчка знаходзіцца непадалёк ад Беластока.

Мама са Смаргоні паскардзілася, што падлеткі замінаюць малодшым дзецям на дзіцячай пляцоўцы. Скейт-парк для іх у горадзе так і не пабудавалі
Скейт-парк у польскім мястэчку Собалева. Фота: radio.bialystok.pl

Аб’ект пабудавалі ў межах праекта, які набраў найбольш галасоў у грамадскім бюджэце Супрасля. Скейт-парк арганізавалі насупраць мясцовай школы.

На адкрыцці пляцоўкі ў 2019 годзе бурмістр Супрасля Радаслаў Добравольскі казаў, што такая інфраструктура дапамагае выцягнуць моладзь з-за камп’ютараў, тэлефонаў ды дамоў і дае магчымасць праводзіць час актыўна і на свежым паветры.

Адміністратарам аб’екта ў Собалеве стала мясцовая школа. За бяспеку падчас выкарыстання скейт-парка адказваюць самі карыстальнікі, а калі гаворка ідзе пра дзяцей — іх бацькі.