У вёсцы Прыгодзічы Гродзенскага раёна амаль два тыдні няма цэнтралізаванага водазабеспячэння. Спецыялісты высветлілі прычыну — свідравіна глыбінёй 125 метраў аказалася забітая пяском прыкладна на 40 метраў. Спробы прадуўкі выніку не далі. Зараз камунальныя службы знайшлі часовае рашэнне — пракладаюць новую галіну вадаправода ад дзейнай магістралі Гродна.
Ваду прывозяць у цыстэрнах, але яе не хапае
Для жыхароў Прыгодзічаў кожная раніца пачынаецца з праверкі крана.
— Ні кроплі! — распавядаюць мясцовыя жыхары. Паводле іх слоў, перабоі з вадой працягваюцца ўжо даўно, а якасць вады раней пакідала жадаць лепшага — яна часта была мутнай і мела карычняватае адценне.
Пра праблему распавяла Тэлерадыёкампанія “Гродна”.
Пакуль праблему не вырашылі, ваду ў вёску дастаўляе ЖКГ. Аднак прывезенай цыстэрны хапае ўсяго на некалькі гадзін. Людзі набіраюць ваду не толькі для бытавых патрэб, але і для паліву агародаў і цяпліц.
Асабліва складана прыходзіцца тым, у каго ёсць гаспадарка. Адна з жыхарак распавяла, што яе сям’і штодня патрабуецца каля тоны вады для сямі коней. Каб напаіць жывёл, даводзіцца пастаянна ездзіць паміж вёскай і горадам.

Да вёскі пракладаюць новы вадаправод
Прыгодзічы вырашылі падключыць да існуючай вадаправоднай магістралі Гродна, якая праходзіць каля трасы М6.
Работы вядуць паскорана. Будаўнікі ўжо зварылі каля 1350 метраў поліэтыленавай трубы з неабходных 1500 метраў, паралельна праводзяць прамыўку сістэмы.
Улады разлічваюць, што пасля завяршэння работ ваду ў вёску ўдасца падаць у бліжэйшы час. Пры гэтым новае падключэнне разглядаецца як часовая мера. У наступным годзе правядуць комплексную мадэрнізацыю сістэмы водазабеспячэння Прыгодзічаў.
Жыхары скардзіліся на праблему некалькі гадоў
Праблемы з вадой у Прыгодзічах узнікаюць не ўпершыню. Яшчэ некалькі гадоў таму жыхары распавядалі пра рэгулярныя перабоі, асабліва ў гарачы перыяд.
Улетку 2021 года мясцовыя жыхары паведамлялі, што ў засуху вада ў дамах магла знікаць на некалькі дзён. Тады людзям даводзілася ездзіць па ваду ў Гродна ці суседні пасёлак Берагавы, а часам чакаць дажджу — пасля ападкаў падача вады часова аднаўлялася. Пра праблему пісала газета “Вячэрні Гродна”.
Тады начальнік участка вады і каналізацыі КУП «ЖКГ Гродзенскага раёна» Валерый Бубноў распавядаў, што свідравіна працуе, але яна заіленая, яе трэба чысціць. Чыстка каштавала дорага і магла не дапамагчы. У 2020 годзе замянілі помпу ў вежы, павялічылі глыбіню свідравіны, у 2021 годзе зноў мянялі помпу. Гэта не выратавала сітуацыю — вада ішла, але напор быў маленькі.

Начальнік участка таксама скардзіўся на саміх жыхароў.
— Улетку вялікі забор, вады ў свідравіне не хапае. Людзі карыстаюцца ёй безліч! За ваду плаціць частка жыхароў, большасць — няўлічаныя выдаткі. У Капцёўцы была такая сітуацыя. Выязджалі паглядзець: у кожнага другога вада цячэ, мінаючы лічыльнік. І тут тое самае. Узімку ўсім хапае, — распавядаў ён.



