Праз паўгода ў Гродне зноў прадаюць маёмасць Віктара Рукшы, які адбыў пакаранне. Гэта былы ўладальнік крамы “АвтоЗапчасти”, якія паскардзіўся на сілавікоў у 2020-м – і атрымаў крымінальную справу.
У адрозненне ад папярэдняга разу, цяпер маёмасць ТАА “Рукша” прадаюць адзіным лотам. Увесь пералік запчастак займае больш за 130 старонак.
Пачатковы кошт на аўкцыёне – 471 725,29 рублёў. Яго правядуць 24 ліпеня.
Продажам займаецца антыкрызісны кіраўнік ТАА “Тры грані”, дырэктар Монцік Дзмітрый Мікалаевіч.
Разбіральніцтва па справе Віктара Рукшы пачалося падчас пратэстаў 2020 года. Тады Віктар паскардзіўся на сілавікоў, якія ўварваліся да яго ў краму і затрымалі ў тым ліку яго супрацоўнікаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў заявіў аб нявыплаце падаткаў у 525 тысяч рублёў ($ 203 693) і яшчэ 12 тысяч ($ 4655) — з заробкаў у канвертах. Віктар судзіўся спачатку з эканамічным судом Гродзенскай вобласці ў надзеі адмяніць акты ДФР. Пазней справа стала “крыміналкай” і перайшла ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Віктара ўзялі пад варту з лютага 2022 года.
Паводле арт. 243 ч. 2 КК “Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)” і арт.424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» у траўні 2023 года яго асудзілі 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Летам 2024 года Віктар выйшаў на волю.


