МАРГ праводзіць праверку гродзенскіх рынкаў – аглядаюць асартымент на наяўнасць забароненай прадукцыі. У спіс трапляюць тавары з «недружалюбных» краін, прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці або тыя, на якія завышаны кошт. Парушэнні ўжо выявілі, піша «Гродненская правда». 

Пастановай Саўміна №808 ад 31 снежня 2025 года ў Беларусі забаронена прадаваць некаторыя тавары з «недружалюбных краін»: літоўскую і латвійскую каву; джэмы, мармелады, фруктовую і арэхавую пасту з Латвіі, а таксама касметыку з Латвіі, Літвы, Чэхіі, Эстоніі і Польшчы.

На рынках Гродна такую ​​прадукцыю ўсё ж выявілі – знайшлі шакаладкі з Польшчы і Германіі.

Падчас рэйду супрацоўнікі МАРГ таксама звярталі ўвагу на цэнаўтварэнне. На адным з прылаўкаў прадавалі маладую бульбу за 4,50 руб. Згодна з правіламі, дапушчальная надбаўка пры рознічным гандлю не павінна перавышаць 15%. Тады як па словах прадаўца ён набыў імпартную бульбу за 2,70-2,90 руб. Адпаведна, пры продажы прадукт павінен быў каштаваць не больш за 3,33 руб.

Таксама на рынках знайшлі пратэрмінаваную прадукцыю. На ласьёне не было тэрміна прыдатнасці – прадавец выказаў здагадку, што надпіс сцёрся. А на міні-рынку па вул. Дзяржынскага на суму больш за 250 руб. канфіскавалі цукеркі, шакалад, печыва і спецыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Такія вынікі МАРГ падвёў падчас аднадзённага рэйду. У міністэрстве лічаць, што віна ляжыць не толькі на прадаўцах – часам індывідуальныя прадпрымальнікі не атрымліваюць своечасовую інфармацыю аб забаронах. Таму тлумачыць правілы павінна ў тым ліку адміністрацыя рынкаў.

Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці праверылі больш за 200 сельскіх магазінаў – пратэрмінаваныя прадукты знайшлі ў кожным трэцім