Пракуроры Гродзенскай вобласці выявілі людзей, якія працавалі з дзецьмі, хаця паводле закону ім было забаронена гэта рабіць. Сярод такіх супрацоўнікаў аказаўся дзіцячы хірург, які раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за злачынства супраць палавой свабоды і недатыкальнасці.
Хірург працаваў у адным з раёнаў Гродзенскай вобласці. Пасля праверкі пракуратура выдала ўстанове прадпісанне аб скасаванні кантракта з урачом.
Згодна з арт. 27-1 Закона “Аб правах дзіцяці”, людзі, раней судзімыя па такіх відах злачынстваў, не маюць права працаваць у сферах, звязаных з педагогікай і выхаваннем, а таксама займаць пасады, якія прадугледжваюць пастаяннае ўзаемадзеянне з дзецьмі.
З маніторынгу УУС Гродзенскага аблвыканкама вынікае, што не існуе агульнага партрэта педафіла. Тым не менш, такія людзі шукаюць кантакту з дзецьмі і могуць выбіраць адпаведнае месца працы. Таму асаблівую ўвагу надаюць кандыдатам пры працаўладкаванні ва ўстановы адукацыі. “Аднак практыка паказвае, што адсутнасць у кандыдата судзімасці не з’яўляецца стопрацэнтнай гарантыяй адсутнасці рызык”, – пішуць у маніторынгу.
Пракуроры вобласці таксама выявілі яшчэ адно парушэнне закона “Аб правах дзіцяці”. У адным з райцэнтраў звольнілі трэнера, які меў судзімасць за незаконы абарот наркотыкаў. Мужчына трэніраваў дзяцей у адным з клубаў, які працаваў на базе маладзёжнага грамадскага аб’яднання.
Чытайце таксама: Да шасці гадоў турмы. У Гродне будуць судзіць падлеткаў, якія падвесілі школьніка на кручок у туалеце



