Чатыры пляцоўкі для выгулу сабак з’явіліся ў Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах Гродна. Дог-паркі знаходзяцца на Пестрака, Фолюшы, Таўлая і Глухава – месцы вызначалі з улікам запытаў гараджан і населенасці мікрараёнаў.

На пляцоўках устанавілі агароджы, а таксама снарады для трэніровак і дрэсіровак гадаванцаў — балансіры, лесвіцы і кольцы. Тэрыторыю дог-парку добраўпарадкавалі альтанкамі, лаўкамі і асвятленнем. Таксама ўсталявалі спецыяльныя скрыні, паведамляе «Гродно Плюс». 

“Гэта спецыяльна вырабленыя па нарматыўных нормах урны, каб пляцоўка знаходзілася ў належным стане”, – патлумачыў намеснік начальніка аддзела па добраўпарадкаванні Гродзенскай гарадской ЖКГ Сяргей Данцэвіч.

Месцы выбіралі паводле зваротаў жыхароў і з улікам найбольшай колькасці хатніх гадаванцаў у гэтых густанаселеных мікрараёнах.

Аб будаўніцтве дог-паркаў стала вядома восенню 2024. Тады ж улады і вызначылі месцы, дзе з’явяцца новыя пляцоўкі. Меркавалася, што адзін з дог-паркаў з’явіцца на вуліцы Саяпіна, але ў выніку пляцоўку абсталявалі на Глухава.

Распрацоўкай дакументацыі займалася Гродзенская ЖКГ, а на кожны дог-парк планавалі выдаткаваць 10,5 тыс. руб. з гарадскога бюджэту.

Цяпер улады плануюць абсталяваць у горадзе яшчэ некалькі зон для выгулу сабак.

Чытайце таксама: Возера каля Гродна акупіравалі бабры. Жывёл хочуць перасяліць