Жыхарка Гродна Ірына прыбрала знойдзеныя ў лесапарку Румлёва «ведзьміны рытуалы» і іншае смецце. І прапанавала іншым гродзенцам таксама паўдзельнічаць у прыборцы. Раней гараджане заўважылі, што невядомыя перыядычна пакідаюць тут бутэльку, сырую печань і манеты — яны баяліся за дзяцей і жывёл.
«Вырашылі з мамай, што ўсякія бутэлькі ведзьміны трэба прыбраць, ачысціць гэтыя месцы ад смецця. Гэта тое, што дакладна карысна і разумна. Мы ўсіх паважаем, але смеціць — гэта дрэнна для прыроды», — напісала гродзенка.
Яна распавяла, што сабрала і выкінула знойдзеныя ў лесапарку бутэлькі з-пад гарэлкі і іншае смецце, якое сустрэлася па дарозе. Таксама гараджанка заклікала жыхароў беражліва ставіцца да прыроды, падтрымліваць чысціню ў месцах адпачынку і далучацца да прыборак.
Гродзенцы дзяўчыне дзякавалі, а некаторыя адгукнуліся на просьбу. У некага выклікала страх «узяць на сябе» сурокі ці «цяжар» праз нібыта рытуальныя рэчы. Але Ірына ў гэта не верыць.
«Я ў сераду далучуся», — напісала адна з каментатарак.
«Яшчэ б уладальнікі сабак за сабой прыбіралі, а то складваецца ўражанне, што адзін з пакетамі бегаю», — напісаў карыстальнік.
Раней гродзенцы звярнулі ўвагу на незвычайныя знаходкі ў Румлёве. У каментарыях карыстальнікі меркавалі, што прадметы маглі быць звязаныя з рознымі рытуаламі.

Падобныя атрыбуты бачылі і ў іншых парках Беларусі і Расіі. У каментарыях жартам прапануюць выклікаць братоў Вінчэстараў (героі серыяла «Звышнатуральнае», якія палююць на нечысць) або «Бітву экстрасэнсаў».
Падобную атрыбутыку знаходзілі і на Альшанцы
У красавіку 2026 года жыхары мікрараёна Альшанка звярталі ўвагу, што ў парку напярэдадні Вялікадня з’явіліся тыя самыя атрыбуты: мяса, манеты і бутэлька віна. Невядома, хто і з якой мэтай пакінуў гэтыя прадметы. Але гродзенцаў знаходка ўсхвалявала.



