Жыхарка Гродна паскардзілася «Гродзенскай праўдзе» на знішчаны газон каля прыпынку на праспекце Янкі Купалы. У адказ у выданні прапанавалі штрафаваць пешаходаў за вытаптванне зялёных зон, а камунальнікі не выключылі з’яўлення агароджаў. Аднак сама праблема для горада не новая. Яшчэ некалькі гадоў таму эксперты і ўрбаністы казалі, што прычына з’яўлення «народных сцежак» часта крыецца не толькі ў звычцы людзей зразаць шлях, але і ў тым, як у горадзе праектуюць пешаходныя маршруты.

Газон каля прыпынку знік пад нагамі пешаходаў

Жыхарка Гродна звярнулася ў рэдакцыю «Гродзенскай праўды» са скаргай на вытаптаны газон каля прыпынку грамадскага транспарту на праспекце Янкі Купалы — насупраць гасцініцы «Турыст» у бок плошчы Савецкай. Па словах гараджанкі, раней тут быў паўнавартасны зялёны ўчастак, аднак сёння ад яго практычна нічога не засталося.

Выданне звязала сітуацыю са звычкай пешаходаў скарачаць шлях да прыпынку, пешаходнага перахода ці жылых дамоў. У якасці аднаго з магчымых рашэнняў, паводле слоў выдання, некаторыя гродзенцы прапануюць увесці адміністрацыйную адказнасць за вытаптванне газонаў — па аналогіі са штрафамі за паркоўку аўтамабіляў на зялёных зонах.

Як адзначае газета, галоўная прычына з’яўлення падобных «народных сцежак» — «адвечнае жаданне чалавека скараціць шлях і ашчадзіць час».

У ЖКГ кажуць пра платы і свядомасць гараджан

Сітуацыю пракаментаваў начальнік аддзела дабраўпарадкавання Гродзенскай гарадской ЖКГ Дзмітрый Вярышка. Паводле яго слоў, гарадскія службы неаднаразова спрабавалі аднавіць газон каля прыпынку, аднак трава не паспявае прыжыцца.

— Вакол прыпынку ад пачатку былі прадугледжаны газоны. Людзі зразаюць маршрут і вытоптваюць іх. Мы некалькі разоў аднаўлялі зялёнае пакрыццё, але трава не паспявае ўзысці — яе адразу ж вытоптваюць. Зараз зусім блізка ёсць і святлафор, і плітка, і асфальтабетоннае пакрыццё — альтэрнатыўныя шляхі існуюць. Але кожны хоча зрэзаць. Калі сітуацыя не зменіцца, будзем вымушаны паставіць агароджу. Хаця, шчыра кажучы, не хочацца ператвараць увесь горад у платы, — адзначыў ён.

Пры гэтым прыцягнуць да адказнасці пешаходаў за вытаптванне газонаў на практыцы амаль немагчыма. Таму, як лічаць у выданні, многае залежыць ад свядомасці саміх жыхароў.

Вінаватыя пешаходы ці праекціроўшчыкі? Гродзенка паскарділася на вытаптаны газон — улады прапанавалі штрафы
Фота: grodnonews.by

Але раней праблему тлумачылі не толькі паводзінамі людзей

Яшчэ некалькі гадоў таму сама «Гродзенская праўда» разглядала праблему значна шырэй. У 2023 годзе газета распавядала пра шматлікія стыхійныя сцежкі на вуліцах Кабяка, Антонава, Дзяржынскага, праспекце Кляцкова і іншых участках горада. Тады эксперты звярталі ўвагу не толькі на дзеянні пешаходаў, але і на памылкі пры праектаванні гарадскога асяроддзя.

Нагодай для абмеркавання станавіліся не толькі вытаптаныя газоны, але і сітуацыі, калі жыхары масава выбіралі маршруты, не прадугледжаныя праекціроўшчыкамі. Напрыклад, на вуліцы Болдзіна многія пасля пераходу дарогі працягвалі рух па найкарацейшым шляху праз зялёную зону, пакідаючы ў кустах прыкметныя праходы.

Урбаністы: людзі галасуюць нагамі за зручныя маршруты

Загадчык кафедры батанікі ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Сазінаў тады адзначаў, што з’яўленне стыхійных сцежак часцяком сведчыць не столькі пра непавагу да дабраўпарадкавання, колькі пра неадпаведнасць афіцыйнай інфраструктуры рэальным патрэбам людзей.

Паводле яго слоў, у некаторых краінах спачатку вывучаюць маршруты руху пешаходаў, а ўжо потым укладаюць пастаянныя дарожкі. Такі падыход дазваляе выявіць найбольш запатрабаваныя кірункі і пазбегнуць з’яўлення новых несанкцыянаваных сцежак.

Падобную пазіцыю выказваў і урбаніст Андрэй Карпека. Ён прыводзіў у прыклад практыку Вялікабрытаніі і Швецыі, дзе ўнутры новых кварталаў дарожкі часам наўмысна не ўладкоўваюць адразу. Спачатку спецыялісты назіраюць за тым, як перамяшчаюцца жыхары, а пасля абсталёўваюць найбольш папулярныя маршруты.

Фактычна людзі самі паказваюць, дзе ім зручна хадзіць, а гарадская інфраструктура ўлічвае гэты выбар.

Вінаватыя пешаходы ці праекціроўшчыкі? Гродзенка паскарділася на вытаптаны газон — улады прапанавалі штрафы
Фота: grodnonews.by

У Гродне такія прыклады ўжо ёсць

Падыход, пра які гавораць урбаністы, нельга назваць для Гродна чымсьці цалкам новым. У горадзе ўжо ёсць выпадкі, калі стыхійныя сцежкі з часам ператвараліся ў афіцыйныя пешаходныя дарожкі.

Так, каля дома № 23 на вуліцы Крамко ў мікрараёне Вішнявец раней з’явілася добраўпарадкаваная дарожка на месцы пратаптанага маршруту. Яна забяспечыла зручны праход да пешаходнага перахода, крамы і прыпынку грамадскага транспарту.

Віцебск вырашыў узаконіць «народныя сцежкі»

У Віцебску ў 2026 годзе запусцілі праграму «Тропиночная сеть», у межах якой плануецца добраўпарадкаваць 159 стыхійных маршрутаў на прыдамавых тэрыторыях.

Замест таго каб змагацца з «народнымі сцежкамі», гарадскія ўлады вырашылі прызнаць іх часткай існага гарадскога асяроддзя і адаптаваць пад рэальныя патрэбы жыхароў. Агульная працягласць дарожак, якія атрымаюць цвёрдае пакрыццё, перавысіць 20 кіламетраў.