У аўторак, 2 чэрвеня, у Гродне пасля маштабнай рэканструкцыі адкрылі рух па мосце праз раку Юрысдыку на вуліцы Мітрапаліта Філарэта.
Рамонтныя работы працягваліся амаль 10 месяцаў і вяліся кругласутачна, у тым ліку ў зімовы перыяд. Спецыялісты філіяла «МСУ №7» ААТ «Мастабуд» сумесна з субпадраднымі арганізацыямі цалкам замянілі балкі пралётных будоў на маналітныя канструкцыі, уклалі новае асфальтабетоннае пакрыццё, абнавілі тратуары і ўсталявалі сучасную бар’ерную агароджу, паведамляе Гродзенскі гарвыканкам.
Пры правядзенні рэканструкцыі захавалі гістарычнае аблічча моста.
Пасля адкрыцця рух транспарту па вуліцы Мітрапаліта Філарэта аднавілі. Аўтамабілісты зноў могуць праязджаць у кірунку вуліцы Горкага і плошчы Леніна.

Мост быў небяспечны для кіроўцаў
Рух па мосце рэкамендавалі абмежаваць яшчэ ўвосень 2023 года. Абследаванне моста паказала, што на пакрыцці праезнай часткі ёсць трэшчыны, гідраізаляцыя парушана, а парэнчы пакрыты карозіяй.
Да верасня 2024 года падрыхтавалі дакументацыю па рамонце моста. Тады прапаноўвалі чатыры варыянты рэканструкцыі — з узмацненнем балак, з заменай іх на жалезабетонныя, а таксама з заменай пакрыцця на маналітнае.
Да рэканструкцыі моста прыступілі ў канцы верасня 2025 года.



