Справу 17-гадовага гродзенскага блогера Міхаіла Драгуна (iceedvard) перадалі ў суд. Судзіць яго будуць не за махлярства, а за прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання ў буйным памеры і паклёп. Крымінальны пераслед у дачыненні да Яўгеніі Тарасенка (Jennie.T) спынілі.

Пра тое, што расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да блогера з Гродна завершана, паведамляе Следчы камітэт. Прозвішчы сілавікі не называюць, але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе менавіта пра Міхаіла Драгуна і Яўгенію Тарасенка.

Што кажа следства

Паводле даных следства, летам мінулага года хлопец прапанаваў маці 9-гадовага Вані Сцяцэнкі запусціць збор сродкаў на яго лячэнне праз свой Instagram-акаўнт. Аднак грошы, якія паступалі, пачаў траціць на сябе. Для збору ахвяраванняў ён выкарыстаў некалькі сім-карт і больш за 20 банкаўскіх рахункаў сваіх сваякоў і знаёмых.

Увогуле на рахункі падазраванага паступіла больш за 2 млн рублёў. Большую частку гэтых грошай хлопец патраціў на арэнду элітнага жылля, дарагія рэстараны, забавы, адпачынак за мяжой і падарункі падпісчыкам для раскруткі профілю. Сям’і хворага дзіцяці, як сцвярджае сілавое ведамства, ён перадаў толькі нязначную частку сумы.

Абвінавачанне ў клевеце

Таксама адна са знаёмых Міхаіла, 18-гадовая жыхарка Гродна, перадала яму сваю карту для збору грошай. Калі на рахунак пачалі прыходзіць буйныя сумы, дзяўчына спалохалася і заблакавала доступ. Не здолеўшы забраць грошы, юнак апублікаваў у сваім акаўнце са 190 тысячамі падпісчыкаў пост, у якім абвінаваціў дзяўчыну ў крадзяжы 50 тысяч рублёў.

На допыце затрыманы пацвердзіў, што сам распараджаўся грашыма і траціў іх на асабістыя патрэбы. Публікацыю ў адрас знаёмай ён патлумачыў уласным меркаваннем, што яна яго «кінула на грошы», адзначыўшы, што шкадуе аб гэтым учынку.

Справа Яўгеніі Тарасенка спынена

Паводле даных Следчага камітэта, Яўгенія Тарасенка не ведала пра меркаваныя махінацыі. Яна не была датычная да раскрадання сродкаў. Крымінальны пераслед у дачыненні да яе спынілі. Сама дзяўчына выдаліла свае сацсеткі і сацсеткі сваёй крамы.

Міхаілу ж прад’явілі абвінавачанні па артыкулах пра прычыненне маёмаснай шкоды ў буйным памеры і паклёпе. Санкцыі першага артыкула прадугледжваюць абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. А другога — максімальна пазбаўленне волі да 3 гадоў.

Таксама суддзя можа прызначыць штраф, папраўчыя работы да 2 гадоў або абмежаванне волі да трох гадоў. Зараз Міхаіл Драгун знаходзіцца пад вартай. Справа ўжо перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Міхаіл знаходзіцца пад вартай з снежня 2025

Аператыўнікі затрымалі гродзенскіх блогераў Міхаіла Драгуна і Яўгенію Тарасенка 4 лістапада мінулага года. Паводле даных МУС, яны збіралі грошы на лячэнне цяжкахворага дзіцяці, але нібыта патрацілі частку грошай на сябе. Праз два дні міліцыя апублікавала відэа затрымання блогераў.

На кадрах бачна, як сілавікі спыняюць іх аўтамабіль на вуліцы Гарнавых. У роліку паказаны і прызнанні затрыманых ды іх знаёмых. Паведамлялася і пра вобшук у кватэры гродзенцаў.

Затрыманых адпусцілі 7 лістапада пад падпіску аб невыяздзе. Але ўжо ў снежні 2025 стала вядома, што Міхаіла затрымалі паўторна.

Денис Мисюля