Жыхары вёсак Гродзенскага раёна ўсё часцей сутыкаюцца з праблемай бяздомных сабак: жывёлы збіваюцца ў зграі, палохаюць людзей, нападаюць на птушку і жывёлу, а ў асобных выпадках — і на дзяцей. Мясцовыя ўлады пачалі спрабаваць вырашыць пытанне з дапамогай пастак, якія паставілі ў некалькіх сельсаветах.

Праблема актуальная амаль для ўсіх сельсаветаў

Пра новы метад барацьбы з вандроўнымі жывёламі распавяла раённая газета «Перспектыва». У Гродзенскім раёне пачалі выкарыстоўваць спецыяльныя пасткі: іх закупіла Скідзельская ЖКГ, а на дадзены момант яны ўстаноўлены ў Квасоўскім і Путрышкаўскім сельсаветах.

Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Віктара Кемежука, праблема бяздомных сабак характэрная практычна для ўсіх сельсаветаў, але асабліва востра яна праяўляецца там, дзе размешчана вялікая колькасць садовых таварыстваў. Колькасць бадзяжных жывёл працягвае расці, фіксуюцца выпадкі нападаў як на людзей, так і на свойскую птушку.

Найбольш напружаная сітуацыя склалася ў Квасоўцы, Свіслачы і Баранаве. Тут сабакі нападаюць на падворкі, нішчаць курэй. Зафіксаваныя выпадкі агрэсіі ў адносінах да дзяцей у Баранаве і Навасёлках. У выніку, паводле слоў мясцовых жыхароў, бацькі вымушаныя праважаць школьнікаў на заняткі.

Бадзяжных сабак становіцца больш пасля заканчэння дачнага сезона

Бяздомных жывёл становіцца больш з-за дачнікаў. Напрыклад, у Квасоўцы, дзе налічваецца 39 садовых таварыстваў, да канца дачнага сезона колькасць кінутых сабак заўважна ўзрастае.

Зараз у Квасоўцы ўстаноўлены чатыры пасткі, якія падыходзяць таксама для адлову ліс. Дзве з іх размешчаны на вуліцы Садовай, дзе сёлета ліса пачала рэгулярна заходзіць у гаспадарчыя пабудовы. Яшчэ дзве пасткі ўстаноўлены каля возера.

Старшыня Квасоўскага сельсавета Уладзімір Бахмач адзначае, што такія прылады бяспечныя для жывёл і не прычыняюць ім шкоды.

У далейшым плануецца ўсталяваць аналагічныя пасткі і ў іншых населеных пунктах. Пры гэтым жыхарам нагадваюць: калі ў пастку патрапіць хатні сабака, адказнасць будзе ляжаць на ўладальніку, паколькі па правілах утрымання жывёл яны не павінны знаходзіцца ў грамадскіх месцах без нагляду.

ловушки для собак
Фота: proregion24.by

Як дзейнічае пастка і чаму яна не заўсёды эфектыўная

У пасткі кладуць прынаду, жывёла заходзіць, і прыстасаванне зачыняецца. Аднак мясцовыя ўлады сутыкнуліся з праблемай — сабак з пастак выпускаюць неабыякавыя людзі.

Напрыклад, у Свіслачы ў адну з субот жыхарка аграгарадка патэлефанавала старшыні Квасоўскага сельсавета Уладзіміру Бахмачу і паведаміла, што ў пастку патрапіў бадзяжны сабака. Праз хвілін 12 ён прыехаў на месца, але сабакі ўжо ў пастцы не было — жывёлу нехта выпусціў.

— Атрымліваецца, людзі скардзяцца, што ўлада не прымае ніякіх мер. У той жа час замінаюць нам дзейнічаць, — жаліцца Уладзімір Бахмач. — Мы ж спрабуем убяспечыць насельніцтва. Спагадлівасць трэба праяўляць у іншым. Бадзяжныя жывёлы самі па сабе ж не з’яўляюцца. У іх былі гаспадары, якія кінулі гадаванцаў. Калі ўжо завялі жывёлу, дык варта несці за яе адказнасць. Сапраўды спагадлівы чалавек не дапусціць таго, каб гадаванец апынуўся на вуліцы.

«Праблеме не першы год». У Гродзенскім раёне спрабуюць справіцца з бяздомнымі сабакамі пры дапамозе пастак і скардзяцца на людзей
Зграя бадзяжных сабак у Гродзенскім раёне. Скрыншот Hrodna.life з эфіру ТРК «Гродна».

У Путрышках — таксама праблема

Паставілі такія ж пасткі і ў Путрышкаўскім сельсавеце.

— Праблема з бадзяжнымі сабакамі існуе ўжо не першы год. У Скідзельскай ЖКГ нам выдалі дзве пасткі, — распавядае старшыня Путрышкаўскага сельвыканкама Генадзь Аксаміт. — Лічу, гэта прыстасаванне — найбольш аптымальны метад вырашэння пытання барацьбы з бадзяжнымі сабакамі. У адну з іх ужо патрапіў даволі буйны сабака. Другая пастка ўстаноўлена недалёка ад малочна-таварнага комплексу для абароны не толькі ад сабак, але і ад ліс.

І зноў галоўнымі вінаватамі з’яўлення кінутых чатырохногіх тут называюць дачнікаў.

— Як ні прыедзеш у садовы кааператыў «Дубраўка», абавязкова сустрэнеш некалькі бадзяжных сабак, — паведаміў старшыня сельвыканкама.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы