Сярод гараджан правялі апытанне – як яны ставяцца да электрасамакатаў у цэнтры Гродна. Супраць транспарту выказалася 72,2% апытаных, станоўча – 27,7%. У апытанні паўдзельнічала 2075 чалавек – гэта прыкладна 0,5% ад колькасці жыхароў.
Апытанне ініцыяваў Гродзенскі гарвыканкам сумесна з каналам “Гродна Плюс”. Апытанне ішло з 13 па 19 красавіка. З аднаго IP-адрасу можна было пакінуць толькі адзін голас.
Як будуць выкарыстоўваць атрыманыя дадзеныя, пакуль незразумела.
Абмежаванні хуткасці і забароны: як рэгулююць электрасамакаты ў Беларусі і за мяжой?
З верасня 2025 у Беларусі дзейнічае абноўленае ПДР. Згодна з правіламі, сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ), у якія ўваходзяць і электрасамакаты, павінны ездзіць па веладарожках і не перавышаць хуткасць 25 км/г.
У Польшчы і Германіі хуткасць перамяшчэння па веладарожках не павінна перавышаць 20 км/г. Пры гэтым уведзены ўзроставыя абмежаванні на карыстанне гэтым відам СПМ. У Польшчы з 13 гадоў, а ў Германіі – з 14.
Санкт-Пецярбургскія чыноўнікі пачалі казаць аб забароне электрасамакатаў у цэнтры горада на месяц раней, чым гродзенскія. Верагодную забарону тлумачаць тым, што ў цэнтры Санкт-Пецярбурга шмат гістарычнай забудовы – тратуары там вузкія, таму дрэнна падыходзяць для руху пешаходаў і электрасамакатаў. Канчатковае рашэнне мясцовых чыноўнікаў будзе залежаць ад таго, ці зробяць больш жорсткім правілы руху на федэральным узроўні.
Чытайце таксама: Гродзенец падлічыў, колькі разоў яму давядзецца спешвацца з улікам абноўленых ПДР




