У Мастоўскім раёне людзей, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, накіравалі на працы ў сельгаспрадпрыемства «Імя Адама Міцкевіча». Пра гэта паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама. Праваабаронцы лічаць такую працу прымусовай.

У афіцыйных паведамленнях іх называюць «падліковымі»(«подучетными»). Паводле звестак міліцыі, яны займаліся ачысткай палёў ад камянёў — гэта, як сцвярджаецца, павінна знізіць рызыку паломкі тэхнікі і павысіць ураджайнасць. Таксама іх прыцягвалі да навядзення парадку на ферме, дзе жывуць цяляты.

Што кажуць у міліцыі

Падобныя «акцыі» праводзяцца рэгулярна. У ведамстве іх падаюць як элемент сацыялізацыі: праца на зямлі, паводле версіі праваахоўнікаў, павінна спрыяць «выпраўленню» і вяртанню да нармальнага жыцця.

«Праца, у тым ліку на свежым паветры і ў сельскай мясцовасці, дысцыплінуе чалавека, дае магчымасць пераасэнсаваць памылкі мінулага і адчуць сапрычаснасць да жыцця раёна. Са свайго боку праваахоўнікі працягнуць аказваць садзейнічанне ў працаўладкаванні і сацыялізацыі грамадзян, якія раней аступіліся, арыентуючы іх на пошук стабільнай крыніцы даходу, бо гэта залог заканаслухнянага ладу жыцця», — упэўнены ў міліцыі. Пра тое, ці заплацілі людзям за працу, не ўдакладняецца.

"Праца дысцыплінуе". Каля Мастоў былых зняволенных адправілі збіраць камяні
Людзі працавалі і на ферме. Фота: vk.com/uvdgrodno

Што кажуць праваабаронцы

Беларускія праваабаронцы адносяць такія працы ў сельскай гаспадарцы да катэгорыі прымусовай працы. Практыка мабілізацыі людзей на абавязковыя працы ў мэтах эканамічнага развіцця супярэчыць Канвенцыі МАП № 105, якая забараняе выкарыстанне прымусовай працы нават у выключных выпадках.

Міжнародныя структуры, уключаючы органы ААН, раней крытыкавалі падобныя практыкі, напрыклад, у Туркменістане, дзе дзяржслужачых, студэнтаў і работнікаў прыцягваюць да сельгаспрац пад пагрозай санкцый. У Беларусі падобную ролю адыгрываюць сезонныя кампаніі: вясной — уборка камянёў з палёў, восенню — збор ураджаю.

Акрамя людзей, якія знаходзяцца на ўліку, да такіх прац у Беларусі прыцягваюцца студэнты, бюджэтнікі, вайскоўцы і нават школьнікі.

"Праца дысцыплінуе". Каля Мастоў былых зняволенных адправілі збіраць камяні
Збор камянёў у Мастоўскім раёне. Фота: vk.com/uvdgrodno

Прыцягваюць не толькі былых зняволеных

Напрыклад, нядаўна да збору камянёў прыцягнулі работнікаў гімназіі № 2 Ваўкавыска, Шылавіцкай сярэдняй школы, а таксама супрацоўнікаў прадпрыемстваў «Агракамбінат „Скідзельскі“» і «ВаўМет». У межах так званага «шэфскага тыдня» яны дапамагалі агракомплексу «Шылавічы» прыводзіць у парадак палі і тэрыторыю гаспадаркі.

Кампанію па ўборцы камянёў перад пасяўной арганізуюць цэнтралізавана і кантралююць улады, хоць такая праца цяжкая і малаэфектыўная, калі выконваць яе ўручную. Праваабаронцы лічаць, што на практыцы такія работы з’яўляюцца формай працоўнай павіннасці.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы