У сярэдзіне вясны пачынаецца перыяд размнажэння дзікіх жывёл: зайцоў, казуль, ліс і соў. У гэты час гродзенцы часта знаходзяць дзіцянят і не ведаюць, што з імі рабіць. Гродзенскі заапарк склаў інструкцыю для падобных выпадкаў.

Чаму самотнае дзіцяня – не заўсёды кінутае?

Асноўны спосаб абароны дзіцянят – маскіроўка. Жывёлы хаваюцца ў траве, імкнучыся зліцца з навакольным ландшафтам. Але гэта не заўсёды прыкмета, што дзіцяня згубілася – часам дарослыя самкі наведваюць іх для кармлення.

Па няведанні людзям здаецца, што дзіцянята кінулі. «Лепшае, што можна зрабіць у такой сітуацыі – проста прайсці міма. Не гладзіць малога, не фатаграфавацца з ім і не “ратаваць” яго, а вельмі хутка сысці як мага далей, каб не палохаць ні дзіцяня, ні яго маці», — расказваюць супрацоўнікі заапарка.

Спецыялісты дадаюць, што выкарміць дзіцяня чалавеку – складана. Ён або загіне, або ўжо ніколі не зможа жыць у дзікай прыродзе.

Што будзе, калі забраць дзіцяня ў самкі?

Акрамя таго, самастойнае адабранне жывёл з дзікай прыроды (без дазволу Мінпрыроды) караецца. Можна атрымаць штраф да 20 базавых велічыняў (900 руб.), а калі жывёла ўнесена ў чырвоную кнігу – то да 30 базавых велічынь (1350 руб.) з канфіскацыяй.

Як сябе паводзіць пры сустрэчы з дзікай жывёлай?

У заапарку таксама склалі інструкцыю на выпадак, калі знойдзена дзікая жывёла, якой патрэбна дапамога.

  • Паведаміць аб гэтым у аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў або ў дзяжурную службу раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
  • Дзяжурная служба паведаміць аб здарэнні спецыяльнай камісіі па аказанні дапамогі дзікай жывёле.
  • Камісія прыбудзе на месца і прыме рашэнне.

Чытайце таксама: Улады Гродна закупляюць жэтоны для сабак. Папярэднія крытыкавалі ў сацсетках

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы