Даследаваць кляшчоў зараз можна ў лабараторыі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паведаміла ведамства 2 красавіка. Гаворка ідзе пра кляшчоў, знятых з людзей. Іх правяраюць на чатыры захворванні: клешчавы энцэфаліт, хвароба Лайма, анаплазмоз і эрліхіёз.
Колькі каштуе праверка і што трэба для яе
Для беларусаў працэдура абыдзецца ў 45 рублёў, для замежнікаў — у 70 рублёў. Вынікі рыхтуюць на працягу пяці дзён.
У асобных выпадках аналіз могуць правесці бясплатна – калі ёсць медыцынскія супрацьпаказанні да прафілактычнага лячэння. Для гэтага патрэбна накіраванне ад лекара.
Для правядзення даследаванняў неабходна прадаставіць кляшча, знятага з чалавека, а таксама квітанцыю аб аплаце і запоўненую заяву. Даследаванні праводзяцца пасля заключэння дагавора з фізасобай і папярэдняй аплаты.
Дзе і калі прымаюць кляшчоў
Прыём вядзецца ў Гродне па адрасе: праспект Касманаўтаў, 58.
Графік:
- панядзелак-пятніца – з 8:50 да 12:00 (кабінет №15, уваход з двара),
- субота – з 8:30 да 12:00 (галоўны ўваход),
- нядзеля – выхадны.
Ёсць тэхнічны перапынак з 10:00 да 10:30. Забраць вынікі можна ў буднія дні з 15:00 да 16:00.
Жыхары Гродна скардзяцца на кляшчоў, ёсць выпадкі шпіталізацыі
Жыхары Гродна ўсё часцей скардзяцца на кляшчоў – з сакавіка ад укусаў пакутуюць і людзі, і жывёлы. У сацсетках гараджане пішуць, што ў медустановах ім адмаўляюць у абследаванні кляшчоў, спасылаючыся на «не сезон». Паводле звестак, з пачатку 2026 года ў рэгіёне пацярпелі больш за 60 чалавек. Пры гэтым апрацоўку зялёных зон у горадзе часова адклалі праз умовы надвор’я.
Нядаўна жыхарку Гродзенскай вобласці шпіталізавалі ў рэанімацыю пасля ўкусу кляшча — ён прысмактаўся падчас прагулкі ў лесе. Жанчына не надала ўкусу значэння. У выніку ў яе развіўся клешчавы энцэфаліт. Пацыентку ўдалося выратаваць, цяпер яна ўжо выпісана і праходзіць назіранне ў лекара.
Што рабіць пры ўкусе кляшча? Парады лекара
- Калі да вас прысмактаўся клешч, трэба як мага хутчэй яго выдаліць — таму гэта можна зрабіць і самастойна.
- Месца ўкусу трэба прадэзінфікаваць.
- Калі вас нешта турбуе і вы асцерагаецеся, што дасталі яго не цалкам — лепш пайсці ў бальніцу.
- Далей – месяц назіраць за сваім станам.
- Калі вас турбуе ліхаманка, галаўныя або цягліцавыя болю, болі ў суставах або змены скуры, млоснасць ці ваніты, трэба як мага хутчэй звярнуцца да ўрача.
- Калі прайшоў месяц, а сімптомаў няма – можна расслабіцца.
- Таксама можна правакцыянавацца ад клешчавога энцэфаліту. Ад іншых хвароб пакуль няма вакцыны. Магчыма, неўзабаве з’явіцца прышчэпка ад хваробы Лайма – працягваюцца яе даследаванні.




