Наталля Малевіч з Гродна звольнілася і адкрыла ўласны бізнес – дом жаночай бялізны “Кокон“. Сябе Наталля называе “бра-фітарам” – яна дапамагае жанчынам падабраць бялізну, якая пасуе ідэальна. Мяркуючы па пастах, яна – сертыфікаваны спецыяліст у гэтай справе.

— Усё пачалося з таго, што мы стаміліся ад бясконцых паходаў па крамах у пошуках ідэальнай бялізны. Кожная прымерка сканчалася расчараваннем з-за няправільна бюстгальтара, які не пасуе, або абмежаванага выбару колераў. Мы лічым, што пошук бялізны для жанчыны не павінен быць стрэсам. Так і нарадзілася ідэя аб адкрыцці дома бялізны “Кокон”, — напісала ўладальніца крамы.

У кастрычніку 2025 года яна звольнілася і прайшла курсы “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”. Напісала бізнес-план і адкрыла краму.

“Кокон” знаходзіцца на вул. Сацыялістычная 38-9. Там можна знайсці бялізну на любы густ і памер — ад самага маленькага памеру да самага вялікага (ад 60 да 120 аб’ёму і місачка ад A да T). Выкарыстоўваюцца толькі якасныя тканіны.

Што такое бра-фітынг

Наталля дапаможа падабраць бялізну як бра-фітар. Назва прыйшла з ангельскага bra-fitting, дзе bra азначае бюстгальтар, а fitting — пасадку. Галоўная мэта бра-фітынга – забяспечыць камфорт і функцыянальнасць жаночай бялізны, улічваючы ўсе асаблівасці фігуры.

Ён з’явіўся ў канцы XX стагоддзя, калі павялічылася колькасць вытворцаў ніжняй бялізны, мадэляў і фасонаў бюстгальтараў. Акрамя таго, кожная краіна мае свае стандарты памераў. На расійскім рынку тэрмін “бра-фітынг” пачалі выкарыстоўваць спецыялісты ў пачатку 2000-х гадоў.

Працэс падбору бюстгальтара ўключае ў сябе некалькі этапаў:

  1. Вызначэнне памеру.
  2. Выбар фасону, які ўлічвае форму грудзей і асаблівасці фігуры.
  3. Прымерка.
  4. Ацэнка камфорту.

У Instagram яна распавядае жанчынам пра бялізну і як яе выбраць.

Можна без бялізны

Наталля запэўнівае, што ў краме вас акружаць клопатам і дапамогуць знайсці тую самую мадэль, якая падорыць упэўненасць у сабе. Таксама ёсць паслуга тэйпавання грудзей – падтрымка грудзей без бялізны. Круглы год можна купіць купальнікі, а яшчэ — піжамы і вопратку для дома і адпачынку.

Чытайце таксама: Як адкрыць бізнес у Беларусі і атрымаць субсідыю ад дзяржавы: пакрокавая інструкцыя

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы